Афіцыйны сайт
30 сакавіка 2021

Зацверджана дзяржпраграма для транспартнага комплексу на пяцігодку

Пастановай Савета Міністраў ад 23 сакавіка 2021 года нумар 165 зацверджана дзяржаўная праграма "Транспартны комплекс" на 2021-2025 гады. Дакумент афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Праграма распрацавана ў адпаведнасці з прыярытэтам сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі - стварэнне развітога бізнес-асяроддзя, устойлівай інфраструктуры і паскоранае развіццё сферы паслуг - і накіравана на фарміраванне эфектыўнага транспартнага комплексу і стварэнне развітой транспартнай інфраструктуры, павышэнне яе бяспекі і даступнасці. Яе мэтай з'яўляецца забеспячэнне ўстойлівай мабільнасці і задавальненне патрэбнасці эканомікі ў канкурэнтаздольных і эфектыўных транспартных паслугах.

Дзяржпраграма ўключае пяць падпраграм: "Чыгуначны транспарт", "Аўтамабільны, гарадскі электрычны транспарт і метрапалітэн", "Унутраны водны і марскі транспарт", "Грамадзянская авіяцыя" і "Забеспячэнне функцыянавання сістэмы транспартнага комплексу".

У пастанове гаворыцца, што на фінансавае забеспячэнне рэалізацыі праграмы неабходна больш за Br7,55 млрд, у тым ліку на 2021 год - звыш Br1,67 млрд, на 2022 год - больш за Br1,56 млрд, на 2023 год - Br1,4 млрд, на 2024 год - больш за Br1,4 млрд і на 2025 год - звыш Br1,45 млрд. Крыніцамі фінансавання, згодна з дакументам, з'яўляюцца сродкі рэспубліканскага, уключаючы рэспубліканскі фонд грамадзянскай авіяцыі, і мясцовых бюджэтаў, пазабюджэтны цэнтралізаваны інвестыцыйны фонд Міністэрства транспарту і камунікацый, уласныя сродкі выканаўцаў мерапрыемстваў дзяржпраграмы, крэдытныя рэсурсы і іншыя крыніцы, не забароненыя заканадаўствам.

На падпраграму "Чыгуначны транспарт" плануецца накіраваць больш за Br1,4 млрд. Яна прадугледжвае комплекснае развіццё чыгуначнага транспарту, уключаючы ўдасканаленне інфраструктуры, абнаўленне чыгуначнага рухомага саставу, правядзенне тэхнічных і тэхналагічных мерапрыемстваў на чыгуначным транспарце.
Падпраграма "Аўтамабільны, гарадскі электрычны транспарт і метрапалітэн" запатрабуе больш за Br4,2 млрд. Мэта гэтай падпраграмы - забеспячэнне даступнасці, павышэнне якасці і бяспека паслуг.

Падпраграма "Унутраны водны і марскі транспарт" нацэлена на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання ўнутранага воднага транспарту, уключаючы развіццё яго інфраструктуры, павышэнне прывабнасці Дзяржаўнага рэестра марскіх суднаў Беларусі. На яе рэалізацыю плануецца накіраваць Br94,7 млн.

Фінансаванне падпраграмы "Грамадзянская авіяцыя" складзе больш за Br1,5 млрд. Яна прадугледжвае забеспячэнне даступнасці і якасці авіяперавозак, бяспекі палётаў і авіяцыйнай бяспекі.

Падпраграма "Забеспячэнне функцыянавання сістэмы транспартнага комплексу" накіравана на павышэнне навуковага патэнцыялу і агульнае забеспячэнне функцыянавання транспартнага комплексу. Для яе рэалізацыі неабходна звыш Br268 млн.

Дакументам прадугледжана дасягненне ў 2025 годзе пры спрыяльных знешніх умовах росту экспарту транспартных паслуг да 125 працэнтаў да ўзроўню 2020 года, грузаабароту (без уліку трубаправоднага транспарту) - да 120,6 працэнта і пасажыраабароту - да 131,7 працэнта да ўзроўню 2020 года.-0-