Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
29.03.2022

Лукашэнка: Беларусь поўная рашучасці развіваць эканамічнае супрацоўніцтва з В'етнамам

Супрацоўніцтва Беларусі і В'етнама заўсёды прыносіла і будзе прыносіць абедзвюм краінам карысць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом В'етнама ў Беларусі Нгуенам Ван Нгы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Рады вас бачыць вясёлым і бадзёрым. Значыць, не ўсё так дрэнна ў свеце нашым. Ёсць месцы, дзе і ціха, і спакойна. Я маю на ўвазе і наш дружалюбны В'етнам. Народ В'етнама заслужыў гэту цішыню і той паспяховы рост развіцця В'етнама", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў мінулым стагоддзі В'етнам перажыў вельмі складаныя часы. "Я заўсёды, калі размова ідзе аб В'етнаме, успамінаю тую барацьбу в'етнамскага народа супраць тых людзей, якія хацелі знішчыць В'етнам і асталявацца ў гэтым райскім кутку, стратэгічным раёне Паўднёва-Усходняй Азіі. Тады мы былі разам. Мы разам змагаліся, мы дапамагалі В'етнаму, - нагадаў кіраўнік дзяржавы. - І гэта наша аснова, гэта наша гістарычная памяць ва ўзаемаадносінах дзвюх дзяржаў. Я хачу вас запэўніць, што мы заўсёды будзем цаніць гэтыя сумесныя часы барацьбы, якія прынеслі в'етнамскаму народу мір і цяпер стабільнасць і працвітанне вашай краіне".

"Мы заўсёды будзем рабіць усё для таго, каб В'етнам развіваўся. Гэта не толькі таму, што мы любім в'етнамскі народ. Гэта сапраўды так: мы з любоўю ставімся да вашага народа. Але гэта яшчэ і таму, што з пункту гледжання эканомікі гэта выгадна. Гэты прагматызм характэрны і для нашага народа, і для в'етнамскага. Гэта супрацоўніцтва заўсёды прыносіла і будзе прыносіць карысць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы поўныя рашучасці развіваць наша супрацоўніцтва ў сферы эканомікі. Гэта фундамент нашых адносін".

Дыпламатычныя адносіны Беларусь і В'етнам устанавілі 24 студзеня 1992 года. У гэтым годзе краіны адзначаюць іх 30-годдзе.

Беларусь і В'етнам пастаянна развіваюць палітычны дыялог. Паміж дзяржавамі наладжаны абмен візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях. Паспяхова развіваецца ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях.

У 2021 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і В'етнамам склаў больш за $200 млн. Беларусь экспартавала калійныя ўгнаенні, прадукцыю жывёлагадоўлі, вырабы прыборабудавання, лякарствы і касметыку. Закупляліся ў В'етнаме каўчук, арэхі, рыбнае філе, інтэгральныя схемы, палімеры прапілену, кансерваваныя прадукты.

У В'етнаме працуе зборачная вытворчасць грузавікоў МАЗ. Прапрацоўваюцца пастаўкі спецыяльных трактароў "Беларус" для работы на рысавых палях, кар'ернай тэхнікі БЕЛАЗ. Паміж краінамі ёсць дамоўленасці аб будаўніцтве прадпрыемства па вытворчасці малака і малочнай прадукцыі.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi