Афіцыйны сайт
18 сакавіка 2021

Вытворчасць арганічнай прадукцыі раслінаводства ў Беларусі ў 2020 годзе вырасла амаль у 6 разоў

Вытворчасць арганічнай прадукцыі раслінаводства ў Беларусі ў 2020 годзе вырасла амаль у шэсць разоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

"Арганічную прадукцыю ў Беларусі ў 2020 годзе выраблялі 27 суб'ектаў гаспадарання Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей (з улікам тых, што знаходзяцца ў пераходным перыядзе). У Гомельскай вобласці такія суб'екты адсутнічаюць. У цэлым па краіне сертыфікавана больш за 1247,55 га сельскагаспадарчых зямель і атрымана 6942,26 т арганічнай раслінаводчай прадукцыі (у 5,8 раза больш за мінулагодні перыяд). Акрамя таго, атрымана 300 л малака, 660 т прадуктаў перапрацоўкі, 50 т біяўгнаенняў і біяпрэпаратаў, 600 л мікраўгнаенняў, нарыхтавана 700 т дзікарослай прадукцыі", - расказалі ў прэс-службе.

Закон "Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі" ўступіў у сілу ў Беларусі з 18 лістапада 2019 года. Ён быў распрацаваны з улікам міжнароднага вопыту развіцця арганічнай сельскай гаспадаркі ў краінах блізкага і далёкага замежжа. Створаны нацыянальныя органы па сертыфікацыі на базе Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні і Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі. На гэты момант выдадзена два сертыфікаты адпаведнасці: ТАА "Здаровая краіна" і ААТ "Мінск Крышталь" - кіруючая кампанія холдынга "Мінск Крышталь Груп".

Для аказання дзяржаўнай падтрымкі вытворцам арганічнай сельскагаспадарчай прадукцыі ўнесены змяненні ва ўказ ад 17 ліпеня 2014 года нумар 347 "Аб дзяржаўнай аграрнай палітыцы". Гэты дакумент дапоўнены мерапрыемствам па кампенсаванні затрат на правядзенне сертыфікацыі арганічнай прадукцыі і працэсаў яе вытворчасці. Гэта мерапрыемства ўключана таксама ў дзяржпраграму "Аграрны бізнес" на 2021-2025 гады.-0-