Официальный сайт
Адрес райисполкома:
231391, г.п. Вороново,
ул.Советская, 34
Электронная почта:
voronovo_isp@mail.grodno.by
Телефон: (8-015-94)-21273
Факс: 8-(015-94)-21953

3 декабря 2018

У Воранаве прайшоў I абласны фэст народнага танца

Перастук абцасаў, заліхвацкія “э-эх!”, поўная зала гледачоў — жыва, ярка, каларытна ў Воранаве прайшоў I абласны фэст народнага танца.

Воранаўшчына гасцінна прымала ўдзельнікаў I абласнога фэсту народнага танца. Гледачоў і юных танцораў прывіталі і выказалі надзею на адкрыццё новых талентаў старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў А.Я. Ганевіч і начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Т.В. Асмалоўская.

Ідэйным натхняльнікам свята танца з’яўляецца кіраўнік ансамбля “Радунскія салавейкі” Францішка Францаўна Габіс. Менавіта калектыў пад яе кіраўніцтвам і адкрыў фестывальны дзень. Танцавальнай пляцоўкай для 27 гуртоў з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны стала сцэна Воранаўскага гарадскога цэнтра культуры і народнай творчасці. Гучнымі апладысментамі сустракалі артыстаў з Гродна, Воранаўскага, Карэлічскага, Смаргонскага, Слонімскага, Мастоўскага, Навагрудскага, Ваўкавыскага, Лідскага раёнаў.

На першы погляд лёгкія рухі танцораў, безумоўна, патрабуюць сур’ёзнай фізічнай падрыхтоўкі, штодзеннай працы і вялікага артыстызму. Конкурс арыентаваны на лакальную культуру і яе праявы ў пластыцы, кампазіцыі, эстэтыцы, а яшчэ ў строях. Сапраўднае задавальненне атрымліваеш ад назірання за сцэнічнай модай: якія прыгожыя і непаўторныя беларускія вышыванкі ўпрыгожваюць касцюмы ўдзельнікаў.

Добра вытрымалі танцавальны рытм і паўторна выйшлі на паклон пры ўзнагароджанні ўсе ўдзельнікі фестывалю. Але конкурс патрабуе вызначэння пераможцаў. З гонарам магу зазначыць, што калектывы Воранаўшчыны ўзялі не толькі прызавыя месцы. Танцавальны гурт Пялясскай сярэдняй школы з навучаннем на літоўскай мове з кампазіцыяй “Ткачыхі” стаў пераможцам у старэйшай узроставай групе. Першае месца таксама занялі ансамбль танца “Задорынка” і ўзорны ансамбль танца “Вярбіначка” з Гродна. Віншуем пераможцаў!

Першы абласны фэст народнага танца стане традыцыйным для нашага раёна і будзе праводіцца праз год. Да новых сустрэч!