Афіцыйны сайт
8 красавіка 2019

У Воранаўскім райвыканкаме разгледзелі дэмаграфічную сітуацыю ў раёне

Пасяджэнне савета па дэмаграфічнай бяспецы прайшло пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Воранаўскага райвыканкама Андрэя Карповіча. У ім прыняла ўдзел лідэр дэпутацкага корпуса раёна Алена Ганевіч і старшыні сельскіх Саветаў.

Дэмаграфічную сітуацыю на Воранаўшчыне за два месяцы бягучага года прааналізаваў галоўны ўрач Воранаўскай ЦРБ Аляксандр Ануфрыеў.

На 1 студзеня ў Воранаўскім раёне пражывала 24 341 чалавек. За год колькасць жыхароў зменшылася на 570. За мінулыя два месяцы памерлі 106 чалавек, нарадзіліся - 21. Рост смяротнасці пры памяншэнні нараджальнасці - негатыўная тэндэнцыя, якая захоўваецца ў раёне не першы год. У структуры смяротнасці лідзіруюць хваробы сістэмы кровазвароту (70 чалавек), анказахворванняў (13), на трэцім месцы сярод прычын - старасць (9).

Насцярожвае і той факт, што акрамя ўзрослага паказчыка смяротнасці працаздольных жыхароў раёна, зарэгістравана 4 выпадкі смерці людзей ва ўзросце 19-39 гадоў, чаго ў мінулым годзе не было.

На пасяджэнні адзначалася, што неабходна звярнуць больш пільную ўвагу на дыспансерызацыю насельніцтва, прафесійныя агляды. Менавіта гэтыя мерапрыемствы дазваляюць своечасова дыягнаставаць ў людзей захворванне і пачаць лячэнне. У мінулым годзе дыспансерызацыяй было ахоплена больш за 17 тысяч жыхароў раёна. Па выніках аглядаў і абследаванняў ўпершыню былі выяўлены захворваннi практычна ў кожнага чацвёртага з іх.

Немалаважна фарміраваць у насельніцтва разуменне важнасці вядзення здаровага ладу жыцця, пераконваць у неабходнасці клапаціцца пра сваё здароўе і членаў сям'і. Толькі агульнымі намаганнямі - органаў улады, медыкаў і саміх людзей - можна палепшыць дэмаграфічную сітуацыю.

Вольга Вараб'ёва.