Афіцыйны сайт
16 жніўня 2019

Трэці дзень Тыдня культуры на Воранаўшчыне прайшоў пад ветразем паэзіі

На краязнаўчыя чытанні "Паэтычныя галасы Воранаўшчыны" Радунская гарпасялковая бібліятэка сабрала землякоў рознага ўзросту. Аб'яднала іх цяга да вершаванага радка, зацікаўленасць гісторыяй і таямніцамі малой радзімы.

Дагэтуль нязнанымі шляхамі па мінулым Воранаўшчыны правёў радунскі краязнавец Іван Фясенка. Ён прывёў слухачам мноства прыкладаў аб багацці нашай зямлі на выбітныя постаці, знаходжанні на яе тэрыторыі ўнікальных касцёльных званоў і інш. Пераканаў землякоў і ў тым, што воранаўская зямля захоўвае мноства дзівосаў. Пра культавыя дрэвы, крыніцы і другія сакральныя аб'екты расказаць Івану Іванавічу пэўна не хапіла б і некалькіх гадзін. Таму тых, хто зацікавіўся мінулага Воранаўшчыны, ён запрасіў на экскурсіі ў народны гісторыка-краязнаўчы музей і ледніковых валуноў пад адкрытым небам Радунскай школы. Ва ўнісон краязнаўцу гучала паэтычнае слова члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, нашага земляка з Начы Уладзіміра Руля. Любоўю да роднага слова было прасякнута яго выступленне.

Лірыку і песню спалучылі госці з Воранава — кампазітар Аляксандр Мацюк і паэт Міхаіл Забалотны. Усіх расчуліў Аляксандр Антонавіч. Жанчыны не хавалі слёз, а мужчыны апусцілі галовы долу, калі ён прэзентаваў аўтарскія вершы і песні, прысвечаныя самаму дарагому чалавеку — матулі. Пазнаёміліся слухачы і з жаночымі вобразамі ў творчасці Міхаіла Васільевіча.

Пасля краязнаўчых чытанняў землякі не спяшаліся пакідаць літаратурную гасцёўню: дзяліліся ўражаннямі, успаміналі былое. І абавязкова любаваліся работамі таленавітай жыхаркі Радуні Лідзіі Адаміцкай. Прыгожа вышытыя крыжыкам подушкі, карціны сапраўды зачароўвалі. Па словах майстрыцы, найбольш часу заняла вышыўка абраза, які яна падаравала мясцоваму касцёлу.

Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.