Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
02.02.2022

Лукашэнка: эканамічнае ўзаемадзеянне з Санкт-Пецярбургам аднаўляецца нядрэннымі тэмпамі

Эканамічнае ўзаемадзеянне Беларусі з Санкт-Пецярбургам аднаўляецца нядрэннымі тэмпамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, вынікі за 2021 год паказваюць, што эканамічнае ўзаемадзеянне Беларусі з Санкт-Пецярбургам аднаўляецца нядрэннымі тэмпамі. Так, за 11 месяцаў мінулага года перасягнуты ўжо аб'ём тавараабароту 2020 года. "І, хутчэй за ўсё, мы дасягнём $1,7 млрд дапандэмійнага ўзроўню", - сказаў Прэзідэнт.

У час сустрэчы было згадана аб рэалізацыі праектаў па ўзвядзенні жылых "сіметрычных" кварталаў: санкт-пецярбургскага ў Мінску (мае сімвалічную назву "Пятроўскія верфі") і беларускага ў Санкт-Пецярбургу. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэтыя праекты акрамя прамога назначэння маюць вельмі значны іміджавы эфект, таму завяршыць іх будаўніцтва трэба на працягу бліжэйшых гадоў (здача першых аб'ектаў санкт-пецярбургскага квартала ў Мінску запланавана на ліпень 2022 года).

Прэзідэнт асабліва адзначыў пазітыўныя пераўтварэнні, якія прайшлі ў Санкт-Пецярбургу за апошні час, і падзяліўся наконт гэтага асабістымі ўражаннямі. "Я гэта заўважыў сваімі вачамі, калі быў у Піцеры, - адзначыў ён. - Я на верталёце ляцеў, усё бачна. Я не чакаў, што вы так сур'ёзна прыведзяце горад у парадак. Проста змяніўся горад на вачах".

"Прыемна паглядзець на сённяшні Піцер. Я думаю, што будзе яшчэ лепш, і мы гатовы ў гэтым удзельнічаць", - дадаў ён. У прыватнасці, на сустрэчы абмяркоўвалася магчымасць пастаўкі айчыннага пасажырскага транспарту, тым больш што ўрад Санкт-Пецярбурга праводзіць маштабную рэформу ў гэтай сферы, робячы акцэнт на экалагічнасць. "Абсалютна правільна. Інакш і быць не можа на поўначы Расіі", - даў сваю ацэнку кіраўнік дзяржавы.

Беларусь, паводле яго слоў, плануе да 1 ліпеня 2022 года паставіць у Санкт-Пецярбург каля 900 аўтобусаў сярэдняй і вялікай умяшчальнасці, якія працуюць на звадкаваным газе. "Мы свае абавязацельствы выканаем. Вы нават не сумнявайцеся. Мы вельмі цэнім і беражліва ставімся да нашых узаемаадносін, асабліва ў сферы паставак, гандлю, таму што ў нас экспартна арыентаваная эканоміка", - запэўніў беларускі лідар.

Акрамя таго, Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь гатова садзейнічаць і ў рэалізацыі наступнага этапу рэформы - пашырэння сферы прымянення электратранспарту. Тым больш што ёсць добрыя айчынныя ўзоры такога транспарту. Плануецца, што ў Санкт-Пецярбург на працягу 2 гадоў будуць пастаўлены амаль 100 тралейбусаў з павялічаным аўтаномным ходам прадпрыемства "Белкамунмаш".

Ёсць прапанова і па пастаўках трамваяў, вагонаў для метро, якія вырабляюцца ў Беларусі швейцарскай кампаніяй "Штадлер". Магчымасці па пашырэнні супрацоўніцтва Прэзідэнт адзначыў таксама ў сферы паставак камунальнай тэхнікі, харчовых тавараў, вырабу ліфтаў.

Гандлёва-эканамічныя адносіны Беларусі з Санкт-Пецярбургам у 2021 годзе характарызаваліся дадатнай дынамікай. Узаемны тавараабарот за перыяд са студзеня па лістапад мінулага года склаў каля $1,6 млрд. Гэта больш, чым за ўвесь 2020 год, калі аб'ём узаемнага гандлю быў на ўзроўні крыху больш за $1,5 млрд. Беларусь за 11 месяцаў 2021-га экспартавала ў Санкт-Пецярбург тавараў на суму $895 млн, і ў асноўным гэта была натуральнамалочная прадукцыя, сыры, тварог і сметанковае масла, пруткі з нелегіраванай сталі, спецыфічныя тавары, ялавічына, а таксама мяса і субпрадукты птушкі, пластмасавая тара. З расійскага горада пастаўляліся пераважна легкавыя аўтамабілі, электрычныя рухавікі і генератары, піва, металаканструкцыі з чорных металаў, халадзільнікі, маразільнікі і халадзільнае абсталяванне.

У Санкт-Пецярбургу працуюць прамыя суб'екты тавараправоднай сеткі шэрага беларускіх вытворцаў, у 2019 годзе запушчана зборачная вытворчасць ліфтаў "Магілёўліфтмаша" на пляцоўцы ТАА "МЛМ Неўскі ліфт".-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi